A+ A A-


Выбараў у Салігорску не было

Оцените материал
(13 голосов)
 Аляксандр Малочка Аляксандр Малочка

Вось і прайшлі самыя “сумленныя выбары” па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68.


Хацелася б падвесці нейкія вынікі таго, што ж ўсё ж такі адбылося. Прызнаюся вам, што мне спатрэбіўся цэлы тыдзень для таго, каб падсумаваць ўсё, вярнуцца да адносна нармалёвага жыцця, сабрацца з новымі думкамі і выдаць гэты тэкст.

Сказаць, што гэта нельга назваць выбарамі, гэта ўсё роўна, што нічога не сказаць.

На самой справе ніякіх выбараў не адбылося – адбылася прафанацыя, фэйк і хлусня. На тых участках, на якіх прысутнічалі незалежныя назіральнікі, яўкі не было. Не было ў тым сэнсе, што яна не дасягнула пяцідзесяці адсоткаў. Зыходзячы з гэтага можна прыйсці да высновы, што і на ўсіх астатніх выбарчых участках па выбарчай акрузе №68 было тое ж самае. Салігорцы ў большасці сваёй праігнаравалі гэтыя выбары. Ёсць яшчэ адзін аспект, і ён вельмі і вельмі жудасны. Жудасны ў тым сэнсе, што ўжо ніхто і нічога не лічыць увогуле. Так, чальцы камісій ускрываюць урны, вывальваюць ўсё на стол, на самой справе ажыццяўляюць падлік, а потым, старшыня камісіі са сваім намеснікам выводзяць патрэбныя вынікі. Вынікі, якія былі выведзены мясцовым кіраўніцтвам задоўга да таго, як ў апошні і асноўны дзень галасавання былі зачыненыя ўсе выбарчыя участкі. Як так магло адбыцца ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, мне не вядома. Так, з выбарамі вызначыліся – выбараў не было.

Цяпер паразважаем пра чалавечы фактар. За паўгадзіны да таго, як у асноўны дзень галасавання зачыніліся ўсе выбарчыя участкі, я патрапіў на участак №24, дзе сам галасаваў і дзе чальцамі камісіі былі мае калегі, ўсе працоўныя 1РУ. Я, як кандыдат, меў права прысутнічаць у памяшканні пры “падліку” галасоў. У асноўны дзень галасавання дзеля таго, каб яўка на ім склала пяцьдзесят адсоткаў, старшынёй камісіі і яго намеснікам было прыпісана 477 выбаршчыкаў, якія не прыйшлі на дадзены участак. Быў выведзены і “адпаведны” вынік падліку галасоў. Да чаго гэта ўсё я? А да таго, што чальцы камісіі ўсе да аднаго, а гэта дзевяць чалавек, моўчкі падпісаліся пад канчатковым пратаколам і моўчкі разышліся па дамах. І не знайшлося ніводнага чалавека ў камісіях ні ў горадзе, ні ў раёне, ні ў вобласці, ні ў краіне, які б сказаў: “Усё, паважаныя, хопіць, колькі ж гэта можа працягвацца!” Не, не знайшлося… Усе яны моўчкі, як быццам так і патрэбна, прамаўчалі, схлусілі, здзейснілі крымінальнае злачынства і разышліся далей выхоўваць сваіх дзяцей, ўнукаў, сыноў і дачок. Моўчкі пайшлі далей стагнаць ад жыцця, якое ўжо нікога не задавальняе і якое з кожным мабыць ужо месяцам будзе ўсё цяжэй і цяжэй. Але яны прамаўчалі… Прадаліся за адносна невялічкі заробак. Прамаўчалі і дазволілі сябе выкарыстаць, як жанчыну самай старэйшай прафесіі.

Калі сёння мне гавораць аб тым, што спадарыня Ярмошына ва ўсім вінаватая, я яшчэ падумаю. Так, яна пабудавала гэтую сістэму, але яна не ўдзельнічае ў гэтай прафанацыі. А хто ж удзельнічае? Удзельнічае, умоўна кажучы, палова краіны. Па ўсёй краіне старшыні камісій і іх намеснікі выводзяць патрэбны вынік, чальцы камісій ведаюць пра гэта і маўчаць, пракуроры і акруговыя камісіі ўсё гэта прыкрываюць і пакрываюць. Гэта тысячы і тысячы людзей! Краіна хлусні і падману. Краіна баязліўцаў і здраднікаў. Краіна рабоў. Тупік чалавечай годнасці…

Скажу вам яшчэ і вось што. Здаецца мне, што самы галоўны ў краіне ўжо не кантралюе сітуацыю. Яе кантралююць мясцовыя “эліты” – кіраўнікі гарадоў, раёнаў, буйных прадпрыемстваў і г.д.. І сёння менавіта яны зацікаўлены ў тым, каб захаваць гэтую сістэму і тое, што яны маюць пры ёй. А маюць яны самі ведаеце што… Таму так нахабна і па-бандыцку і “лічаць” галасы, а калі больш быць дакладным, то выводзяць патрэбныя лічбы.

На што я спадзяваўся, калі даў сваю згоду балатавацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты ў парламент. Спадзяваўся я на два моманты:

1) Пратэстнае галасаванне.
2) Другі тур.

Што такое пратэстнае галасаванне для мяне? Галасаванне супраць прадстаўніка кіраўніцтва, якое адабрала ў працоўных ААТ “Беларуськалій” за апошнія два гады шмат. Пра гэтае шмат я казаў ў сваім выступе па тэлебачанні. Гаварыў і пра жыллё, і ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё, і пра скоцкія адносіны да людзей. Усё тое, аб чым я пісаў і папярэджваў яшчэ два гады таму, спраўдзілася. Яшчэ на мінулых парламенцкіх выбарах у большай часткі насельніцтва Салігорска было ўсё. Падчас правядзення гэтых выбараў засталося ўжо няшмат. Падчас заканчэння бліжэйшага чатырохгадовага тэрміна ў вас, салігорцы, аднімуць апошняе! Будзе ўведзена васьмігадзінная працоўная змена для шахцёраў, здзейснена аптымізацыя кадравага складу працоўных (скарачэнне), а з нашага калійнага гіганта выціснуць апошняе і пакінуць яго ў стане сусветнага прыкладу аўтсайдэра калійнай галіны. Гэта не проста сцвярджэнні, ўзятыя з галавы, а прадказанні, якія базуюцца на канкрэтных перадумовах. Калі так і далей будуць ісці справы ў эканамічнай галіне краіны, а яны з такім нанова абраным парламентам так і будуць ісці, можа паўстаць пытанне і аб продажы ААТ “Беларуськалій” дзеля таго, каб расплаціцца па пазыках і крэдытах краіны. Гэта сумныя і хуткія перспектывы будучыні Салігорска.

Што ж датычыцца другога тура, то цяпер мне смешна і самому. Трэцім месцам плюнулі не ў мяне, а ў звычайных грамадзян і працоўных – сядзіце і не рыпайцеся, а мы, “эліта”, будзем выводзіць патрэбныя нам вынік і лічбы, у тым ліку з дапамогай такіх, як вы, звычайных чальцоў камісій.

І апошняе. Спачуваю ўсім тым, хто абыякава ставіцца да сённяшняга жыцця, бо абыякавасць прывядзе вас да поўнай дэградацыі. Да дэградацыі эканамічнай, маральнай, палітычнай і сацыяльнай. Пачніце што-небудзь рабіць! Вялікі дзякуй усім тым, хто падтрымаў мяне пры галасаванні. Вялікі дзякуй тым, хто прыйшоў на выбарчы участак, падтрымаў мяне, ведаючы тое, чым ўсё гэта закончыцца. Прашу прабачэнне ў тых, хто паверыў і пайшоў на участак выключна з-за мяне. Але памятайце, што нічога не скончана, бо ўсё толькі пачынаецца. Чаму пачынаецца? А таму, што з таго стану, ў якім зараз знаходзіцца краіна ёсць два выйсця: канчатковая дэградацыя і распад дзяржаўнасці, альбо моцны сацыяльны пратэст і рэвалюцыя. Гэта не я прыдумаў і не мае знаёмыя ды сябры – гэта ўвесь час паказвала і паказвае гісторыя. Мы з вамі ў хуткай гістарычнай перспектыве павінны перамагчы, і тады ўсе прыўладныя махляры будуць прыцягнуты да адпаведнай адказнасці. І адбудуцца сапраўдныя і сумленныя выбары!

З павагай да ўсіх сваіх выбаршчыкаў, Аляксандр Малочка.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.