A+ A A-


Наперадзе 4-ы пераразгляд справы

Оцените материал
(5 голосов)
Аляксандр Малочка Аляксандр Малочка

27 студзеня суд зноў заняў мой бок і адмяніў апошнюю пастанову ДАІ Салігорскага РАУС, але  справа канчаткова не зачынена – матэрыялы зноў накіраваны на пераразгляд у ДАІ Салігорскага РАУС.


А цяпер аб усім па парадку.

25 чэрвеня 2015 года ў 21 гадзіну 10 хвілін на вуліцы Заслонава ў Салігорску, я быў спынены на сваім аўтамабілі супрацоўнікамі ДАІ Салігорскага РАУС  Вялічкам Аляксеем Іванавічам і Сінельнікавым Алегам Уладзіміравічам. Супрацоўнікі міліцыі лічылі, што я парушыў ПДР і хацелі скласці на мяне пратакол. Я, у размове з супрацоўнікамі, карыстаўся выключна беларускай мовай  (адной з дзвюх дзяржаўных) і патрабаваў гэтага і ад дзяржаўных служачых – супрацоўнікаў ДАІ. Мне ў гэтым было адмоўлена, як было адмоўлена і ў напісанні пратаколу на беларускай мове, чым адразу ж і было парушана заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

У выніку супрацоўнікі ДАІ склалі на мяне пратакол на расейскай мове за гэтак званыя “незаконныя” шторкі – склалі, як за паўторнае на працягу года парушэнне ПДР, якога на самой справе не было. Пры складанні адміністрацыйнага матэрыялу ніхто з супрацоўнікаў ДАІ не аглядаў мой аўтамабіль, а менавіта, гэтак званыя “незаконныя” шторкі. У выніку адсутнасці агляду не быў складзены адпаведны дакумент да якога павінны былі б быць прыкладзены зафіксаваныя фота, альбо відыё доказы гэтак званых “незаконных” шторак. З пратаколам я адразу не згадзіўся, аб чым і зрабіў запіс у пратаколе. У канчатковым выніку гэты пратакол быў спынены, аб чым мне і было паведамлена не толькі супрацоўнікамі ДАІ, але і пракурорам Салігорскага раёну, а таксама кіраўніцтвам Салігорскага РАУС.

Але пасля гэтага, я быў выкліканы ў ДАІ Салігорскага РАУС (спачатку па тэлефоне, а потым позвай) і на мяне ізноў жа быў складзены пратакол, за тое ж самае парушэнне, але паўторнасць ужо адсутнічала. Пратакол, дарэчы, як і позва былі складзены ўжо на беларускай мове. Па выніках адміністрацыйнага разбіральніцтва я быў прыцягнуты да адказнасці ў памеры дзвюх базавых велічынь. Пры дадзеным адміністрацыйным разбіральніцтве не былі прадастаўлены відавочныя доказы таго, што я з’яўляюся парушальнікам ПДР РБ. Матывацыйная частка па выніках вынясення пастановы па дадзенаму адміністрацыйнаму разбіральніцтву ўвогуле не была складзена. Яе мне потым адмовіліся выдаваць спасылаючыся на тое, што быццам бы з майго боку былі парушаны тэрміны.

У сувязі з гэтым я вымушаны быў звярнуцца ў суд Салігорскага раёну. Па выніках  разбіральніцтва судом былі выкрыты факты грубага парушэння працэсуальных нормаў пры вядзенні адміністрацыйных разбіральніцтв з боку кіраўніцтва ДАІ Салігорскага РАУС – справа была перанакіравана на пераразгляд.

Судом першы раз было канстатавана наступнае:

1) Кіраўніком ДАІ Салігорскага раёну, пры вынясенні пастановы, парушаны працэсуальныя нормы заканадаўства пры вяддзенні адміністрацыйнага працэсу;

2) Доказаў наконт таго, што шторкі ў маім аўто з’яўляюцца незаконнымі, даішнікі не прадаставілі;

3) Не было складзена нават матывацыйнай часткі пры вынясенні пастановы па дадзенай справе.

3 снежня 2015 года адбыўся пераразгляд справы ў ДАІ Салігорскага РАУС па выніках судовых паседжанняў. Па выніках дадзенага пераразгляду я зноў жа быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, але ўжо ў памеры адной базавай велічыні. Ніякіх доказаў таго, што шторкі ў маім аўто з’яўляюцца незаконнымі, кіраўніцтвам ДАІ пры разглядзе справы не былі прадастаўлены. Не было прадастаўлена зафіксаванага факта таго, што яны ўвогуле ёсць на маім аўто, бо агляду аўто і фіксацыі “незаконных” шторак не было здзейснена. У якасці доказаў быў толькі прадастаўлены  афіцыйны запыт у афіцыйнае прадстаўніцтва аўтасалона “Nissan” у Менску. У гэтым запыце было зададзена толькі адно пытанне: ці ўсталёўваліся на аўтамабіль “Nissan” з нумарам кузава майго аўтамабіля бакавыя шторкі задніх дзвярэй, якое было выраблена карпарацыяй “Nissan” аж у 2002 годзе? 

Хацелася б адзначыць, што ў вышэўзгаданым запыце справа ідзе толькі пра заднія дзверы майго аўто, але тып кузава майго аўто “універсал”, а ў апошнім пратаколе адзначана, што шторкі былі ўсталяваны “на ўсіх бакавых вокнах”, што не адпавядае рэчаіснасці. Дык за шторкі на якіх вокнах мяне прыцягнулі да адказнасці?

Прадстаўніцтва “Nissan” у Менску даслала афіцыйны адказ – не былі…

У датыкальнасці да гэтага запыту мне адразу быў не зразумелы факт самога запыту, а менавіта: аўтамабіль быў набыты мною вясной 2011 года на аўтамабільным рынку “Ждановічы”, а не ў аўтасалоне “Nissan”. Колькі да таго моманту, як я яго набыў, у яго было ўладальнікаў мне не вядома! На якой выснове супрацоўнікі ДАІ Салігорскага раёну рабілі афіцыйны запыт у афіцыйнае прадстаўніцтва аўтадыллеру “Nissan” у Менску, калі мой аўтамабіль набываўся не ў аўтасалоне, а на ўтарынку? Аўтамабіль трапіў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у пачатку 2011 года з прабегам каля 240 000 км, а да гэтуль, з моманту выпуску з канвэеру ў 2002 годзе, эксплутаваўся за мяжой – амаль-што дзесяць год. Апошні раз у Даніі. Адкуль ён і трапіў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь узімку 2011 году. Ці ведаюць за мяжой, дзе амаль-што дзесяць год эксплутаваўся аўтамабіль да таго моманту, як трапіць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, пра “незаконныя шторкі”? Ці ведаюць на заводзе-вырабляльніке ў Японіі, дзе быў выраблены ў 2002 годзе аўтамабіль, пра шторкі? Чаму ж запыт не быў накіраваны і туды?  Вось і ўся доказавая база. Як у сярэднявеччы: ты, вядзьмарка, гары на вогнішчы!

На мае пытанні наконт таго, чаму не быў праведены агляд транспартнага сродку, чаму не былі зафіксаваны гэтак званыя “незаконныя” шторкі і чаму, калі яны “незаконныя”, мне не было выпісана прадпісанне на іх дэмантаж, прадстаўнікамі ДАІ, якія ажыццяўлялі разгляд адміністрацыйнай справы, было сказана, што супрацоўнікі ДАІ не павінны рабіць усяго гэтага…. У атрыманай мною матывацыйнай часцы супрацоўнікі ДАІ спасылаюцца на візуальны агляд майго аўтамабіля, але зыходзячы з гэтага можна сцвярджаць, што пры візуальным аглядзе майго аўтамабіля супрацоўнікі ДАІ прышлі да высновы таго, што мой аўтамабіль падобны на  “Mercedes” а не на “Nissan”. Які такі візуальны агляд? Чаму гэтак званы “візуальны агляд” не быў адпаведна зафіксаваны адпаведным чынам?

У матывацыйнай часцы таксама гаворыцца пра тое, што шторкі, усталяваныя ў ваконных праёмах дзвярэй майго аўтамабіля з’яўляюцца вырабам саматужнай (кустарной – рус. пер.) вытворчасці. На якой падставе супрацоўнікі ДАІ прыйшлі да дадзенай высновы? Ніякай афіцыйнай экспертызы, нават агляду дадзеных быццам бы “незаконных шторак”, супрацоўнікамі ДАІ не праводзілася. Больш таго, у Салігорску дзейнічаюць афіцыйныя фірмы, якія размяшчаюць афіцыйную рэкляму па вырабу аўтамабільных шторак на любыя віды аўто.

Калі я і набываў гэтыя шторкі, то набываў афіцыйна ў афіцыйнай фірме з адпаведнай ліцэнзіяй, выдадзенай дзяржавай. Ці з’яўляецца прадукцыя дадзеных фірм саматужнай?

Хацелася б таксама адзначыць, што зыходзячы са слоў інспектараў ДАІ, якімі я быў спынены на сваім аўтамабілі, мне “была растлумачана мэта прыпынку, паказана на недапушчальнасць кіравання аўтамабілем з усталяванымі ў ваконных праёмах дадатковымі прадметамі ў выглядзе шторак… было абвешчана, што ў адносінах да яго (мяне) будзе пачаты адміністрацыйны працэс”, але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Калі я пачаў звяртацца да супрацоўнікаў на беларускай мове яны ўвогуле адмовіліся са мною размаўляць. Інспектар Вялічка пачаў на рускай мове пагражаць скласці ў адносінах да мяне матэрыял за непадпарадкаванне супрацоўнікам МУС, за тое, што я адмовіўся выходзіць са свайго аўтамабіля, бо на самой справе не абавязаны гэтага рабіць па працэдуры. Увесь гэты працэс здымаў на асабісты мабільны тэлефон інспектар Сінельнікаў. Калі ж я ўсё ж такі вымушаны быў перасесці ў іх службовы ўтамабіль, яны ўвогуле перасталі звяртацца да мяне нават па-расейску. Аб ўсім гэтым датыкальна сведчыць і той факт, што пратакол быў складзены на рускай мове, а не на беларускай, як я таго патрабаваў і як прапісана ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Больш таго, у матывацыйнай часцы таксама напісана, што сведчанні інспектараў ДАІ з’яўляюцца “ўзгодненымі паміж сабой”. А якімі яны павінны быць? Няўжо яны ў дадзенай сітуацыі будуць сведчыць адзін супраць аднаго…

Па выніках пераразгляду дадзенай справы мне так і не было растлумачана з боку супрацоўнікаў ДАІ вызначэнне слова “шторкі” з кропкі погляду заканадаўства. Згодна пункта 37 прыкладання 4 ПДР РБ, на які ў матывацыйнай часцы спасылаюцца супрацоўнікі ДАІ, справа ідзе  аб “дадатковых прадметах ці нанесеных пакрыццях, у тым ліку плёнкавых”. Ці могуць “шторкі” адносіцца да дадзенага агульнага і незразумелага вызначэння?

Апошняе, што хацелася б адзначыць. Пасля таго, як я азнаёміўся з матывацыйнай часткай мне таксама было не зразумела наступнае: “Гэтак жа ўсталявана, што Малочка А.В. прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР 14 разоў. У 2012 годзе быў пазбаўлены пасведчання на кіраванне транспартным сродкам (што не адпавядае рэчаіснасці), у 2009 годзе здзейсніў дарожна-транспартнае здарэнне. Змякчальных і абцяжарвальных акалічнасцяў пры разглядзе справы не ўгледжана”.   На колькі мне вядома згодна з артыкулам 2.8 КаАП Рэспублікі Беларусь: “ Фізічная або юрыдычная асоба пачынае лічыцца не прыцягнутай да адміністрацыйнага спагнання, калі на працягу аднаго года з дня заканчэння выканання адміністрацыйнага спагнання не зробіць новага адміністрацыйнага правапарушэння”.  Апошняе парушэнне ПДР было здзейснена мною “7” жніўня 2013 году. У сувязі з гэтым не ўяўляю сабе таго, якім чынам вышэйпрыведзеныя факты з матывацыйнай часткі адносяцца да маёй справы. Больш таго, лічу, што няведанне супрацоўнікамі ДАІ артыкулаў 2.2; 2.8 КаАП Рэспублікі Беларусь з’яўляецца фактам іх прафесійнай некампетэнтнасці. Як такія людзі могуць разглядаць адміністрацыйныя справы, мне невядома.

Гэта ўсе аргументы, якія былі прыведзены з майго боку ў судзе. Суд заняў мой бок. Суддзёй было канстатавана, што супрацоўнікамі ДАІ не было сабрана ніякай доказавай бызы і ён з матэрыялаў справы не мае ўяўлення наконт таго, што за шторкі ўсталяваны ў мяне ў аўтамабілі. Але справа не была канчаткова зачынена – матэрыялы зноў будуць накіраваны на пераразгляд у ДАІ.

Цікава вось што - на што цяпер будуць спасылацца салігорскія даішнікі дзеля таго, каб даказаць незаконнасць маіх быццам бы “незаконных” шторак… Ці будуць яны звяртацца да мяне па-беларуску пры ўжо чацвёртым па ліку пераразглядзе адной і той жа справы?

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.