A+ A A-


Сустрэнемся ў судзе

Оцените материал
(4 голосов)
Аляксандр Малочка Аляксандр Малочка

У пачатку гэтага тыдня атрымаў па пошце позву з ДАІ Салігорскага раёну. Позва з ДАІ – вынік судовай пастановы, якая была вынесена амаль-што месяц  таму.

Салігорскі суд заняў мой бок і адмяніў пастанову начальніка ДАІ па ўжо другім, пераскладзеным на беларускую мову, пратаколе і перанакіраваў матэрыялы на пераразгляд. Калі кароценька, то ў сваёй пастанове суд прыйшоў да высновы, што па выніках гэтага другога разбіральніцтва ў ДАІ не была складзена нават матывіровачная частка, таму суду не было зразумела, чаму ж начальнікам ДАІ было прынята рашэнне аб прыцягненні мяне да адказнасці ў памеры дзвюх базавых велічынь. Суд таксама канстатаваў той факт, што пры разглядзе гэтай адміністрацыйнай справы адказнай службовай асобай, якая і вяла адміністрацыйнае разбіральніцтва, былі парушаны працэсуальныя нормы пры вядзенні гэтага самага адміністрацыйнага разбіральніцтва, а ў пастанове не былі прыведзены доказы таго, што я здзейсніў парушэнне ПДР.

І вось яно, доўгачаканае трэццяе адміністрацыйнае разбіральніцтва – пераразгляд па выніках судовага разбіральніцтва. Каб патрапіць на яго, трэба было праседзець дзве з паловай гадзіны ў чарзе. Людзей, дарэчы, было так шмат, што не ўсім хапіла месца ў калідоры – частка людзей вымушана была чакаць сваёй чаргі на халоднай вуліцы, а тыя, хто стаяў у чарзе ў памяшканні, вымушаны былі пакутваць ад недахопу свежага паветра. Вось такія ўмовы разгляду адміністрацыйных спраў у ДАІ Салігорскага раёну кожны чацвер з дзвюх гадзін і да пяці!... Ужо з моманту атрымання позвы стала цікава, што ж там прыдумалі даішнікі і як яны будуць даказваць маю віну. Дзеля таго, каб даказаць гэтую віну, трэба было б аглядзець аўто, скласці адпаведную паперу, зафіксаваць гэтыя самыя быццам бы “незаконныя” шторкі на нейкую відыё ці фота апаратуру, скласці адпаведны адміністрацыйны матэрыял, а па выніках адміністрацыйнага разбіральніцтва, калі віна кіроўцы даказана, выпісаць адпаведнае прадпісанне на дэмантаж шторак у пазначаны тэрмін. Але ўсё гэта трэба было рабіць у той момант, калі мяне спынілі.  Нічога гэтага з боку ДАІ Салігорскага раёна зроблена не было ні ў першы раз, ні ў другі. Па лёгіке – справу павінны б былі зачыніць, бо доказаў няма, але не, не ў Салігорску і не ў ДАІ Салігорскага раёну….

Што яны зрабілі? Яны накіравалі афіцыйны запыт у афіцыйнае прадстаўніцтва аўтасалона “Nissan” у Менску. У гэтым запыце задалі адно толькі пытанне: ці былі прадугледжаны завадскія шторкі заводам вырабляльнікам на мадэлі майго аўто, якое было выраблена карпарацыяй “Nissan” аж у 2002 годзе? Што ж адказала прадстаўніцтва “Nissan” у Менску – не былі…. Вось і ўсе доказы….

Цікава вось што. На мінулым тыдні па радыёстанцыі “РадиусFM” слухаў адказ аднаго з началькаў ДАІ аднаго з раёнаў Менску. Ён распавёў, што пры складанні адміністрацыйнага матэрыялу за незаконныя шторкі супрацоўнікі ДАІ ў абавязковым парадку павінны агледзець аўто, зафіксаваць гэта і зрабіць ўсё неабходнае дзеля таго, каб даказаць факт таго, што шторкі з’яўляюцца незаконнымі. На адміністрацыйным разбіральніцтве ў Салігорскім ДАІ мне было сказана, што даішнікі не павінны аглядаць аўто і не павінны выпісваць прадпісанне на дэмантаж шторак у пазначаны тэрмін. Калі не павінны аглядаць аўто, то як жа вызначыць факт таго законныя яны, альбо незаконныя? Атрымліваецца, што ў нас не ўнітарная краіна, а нейкая федэрацыя, дзе ў кожным горадзе нават адной вобласці свае законы і парадкі.

Па выніках разбіральніцтва прыцягнулі мяне да адказнасці ў памеры ўжо не дзвюх, а адной базавай велічыні - наступны раз мабыць будзе ўжо палова базавай, а там і да папярэджання не далёка…. У пастанове распісвацца я адмовіўся, што і бало зафіксавана ў прысутнасці дзвюх сведкаў. Запыт ў прадстаўніцтва і адказ, які быў атрыманы з прадстаўніцтва  “Nissan” у Менску, выдаваць на рукі адмовіліся – прапанавалі з’вярнуцца праз хадатайніцтва на імя кіраўніка РАУС Салігорскага раёну. Позва была надрукавана на расейскай мове. Разбіральніцтва адміністрацыйнай справы, ўжо трэцяе па ліку, вялося з боку супрацоўнікаў ДАІ толькі на расейскай мове – мабыць забылі, што з імі былі праведзены адпаведныя службовыя заняткі, зыходзячы з адказу самога начальніка Салігорскага РАУС ад 03 жніўня 2015 года.

Але не ўсё так дрэнна – ёсць і пэўны прагрэс. Па выніках разбіральніцтва мне быў растлумачаны працэс абскарджвання пастановы, чаго не было зроблена ніводнага разу да гэтага. Спыталі на якой мове складаць пастанову, падоўжылі часовае пасведчанне на кіраванне аўтамабілем, але толькі да чатырнаццатага снежня. Трэба за гэты тэрмін паспець накатацца, бо апошні раз можна было законна карыстацца аўто васемнаццатага жніўня. Так і разышліся.

І апошняе. Крышачку пра працу пракуратуры Салігорскага раёну. За ўвесь перыяд разбіральніцтва па ўсім тым незаконным фактам, якія былі выкладзены ў пастанове суду, што і з’явілася вынікам таго, каб перанакіраваць справу на пераразгляд, у пракуратуру было накіравана чатыры заявы. Што ж я атрымліваў з пракуратуры Салігорскага раёну? Адныя адпіскі, перанакіраванні, адмовы са спасылкамі на заканадаўства РБ, цытаты артыкулаў, стацей, законаў і нормаў…. Выніка ніякага! За што яны там толькі грошы атрымліваюць!?....

Сустрэнемся зноў у судзе…

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.