A+ A A-


Салігорск: у каго густа, а ў каго пуста

Оцените материал
(5 голосов)
Віктар Малочка Віктар Малочка

Калі ў дзяржаве ёсць грошы, то ёсць і тыя, у каго іх многа. Прыкладна так казаў Астап Бэндар.


А ці ёсць у нас у Салігорску тыя, у каго грошай многа? Я маю на ўвазе не грамадзян, а нейкія дзяржаўныя структуры і тых, хто стаіць каля дзяржавы.

Возьмем толькі тры: Салігорскі РАУС, Салігорскую СЭС, а таксама Слуцкую і Салігорскую епархію РПЦ.

Чаму я вырашыў звярнуць увагу на наяўнасць грошай у гэтых структурах? Ну, дык усе кажуць, што ў дзяржаве крызіс...

Скажу адразу, што ніякіх расследванняў я не збіраюся праводзіць. Толькі факты, якія навідавоку:

Салігорскі РАУС. Можна нават не сказаць, што гэта структура, якая павінна бараніць грамадзян, іх маёмасць і г.д. Напэўна, штосьці робіцца і ў гэтым кірунку. Але ж навошта з РАУСа рабіць нейкі музей? (Нейкі філіял “Лініі Сталіна” ці “Лініі НКУС?”). Ведаю, што музей ёсць у самім будынку РАУСа.

Усім даўно бачны помнік Ф.Дзяржынскаму каля РАУСа. Паміж будынкам РАУС і будынкам аховы ёсць невялікая выстава нейкіх рарытэтаў. І вось некалькі гадоў таму насупраць будынка пачалі выстаўляць тэхніку, якая была на «узбраенні» міліцыі дзесяцігоддзі таму . Каб не прыбіраць яе на зіму, збудавалі вось такую крытую пляцоўку. Мяне цікавіць, на якія такія грошы? На грошы з бюджэту? Дык у дзяржаве ж крызіс, ды я і не думаю, што з бюджэта выдаткуюць на гэта грошы. На грошы спонсараў? Дык у мой час за такія спонсарскія паслугі, кіраўнік мог і «прысесці». І другое пытанне: навошта? Ці ўсё ж для таго, каб падкрэсліць: мы Вас затрымлівалі і ганялі вось на гэтым, затрымліваем і будзем затрымліваць, таму што мы УЛАДА!

Санстанцыя. Таксама ж, напэўна, няма лішніх грошай, але ж знайшліся яны, каб зрабіць новае электроннае табло з бягучым радком... «патравім вашых мышэй... напужаем камароў». Ага, толькі ўзімку іх і пужаць! У колькі разоў болей пачалі звяртацца грамадзяне, каб патравіць мышэй, пасля таго, як з’явілася табло? Не думаю, што многія з мінакоў прыпыняцца і наогул будуць чытаць, што там «бяжыць». Дык навошта было выкідваць грошы?!

Ну, і апошняя - РПЦ. Калі удумацца, то, канешне ж, гэта нонсанс для незалежнай дзяржавы - будаваць царкву другой дзяржавы, якая калісці захапіла нашу тэрыторыю. Прычым будаваць добраахвотна, на добраахвотныя ахвяраванні і рукамі усё тых жа беларусаў. Але ж будуюць. Вось зусім нядаўна Белкалій пералічыў 2.5 млн. даляраў на будаўніцтва сабору, бо, напэўна ж, у самім Белкалію грошай нямерана! Паглядзіце, колькі ў горадзе і раёне стаіць недабудаваных аб’ектаў, затое вось сабор….

Ну, і зусім коратка, аб тых у каго грошай няма. Няма іх у аховы здароўя, калгасах, будаўнічых арганізацыях і , канешне, няма іх у сістэме адукацыі. Вось так мы ходзім (і не толькі ж мы адны) з дачкой Варварай Віктараўнай у дзіцячы садок № 30… Што для мяне цікавага, дык гэта тое, што ў гэты ж садок, па гэтай самай дарожцы я вадзіў сваіх старэйшых двух дзяцей больш за 20 год таму. Была такая ж лужына (вада, канешне, мяняецца), хоць і крыху меншая, бо за гэтыя гады, напэўна, нагамі вынасіўся бетон. Вось так: У каго густа, а ў каго пуста!

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.