A+ A A-


АГП: Абавязак уладаў – рашаць праблемы, а не ствараць іх

Оцените материал
(16 голосов)

Магілёўскія актывісты АГП патрабуюць адмены скандальнага «закона Раўкова» і забароны будаўніцтва шкодных прадпрыемстваў.


І калі «закон Раўкова» напрост вядзе да страты краінай актыўнай інтэлектуальнай моладзі, то хімічныя прадпрыемствы пагражаюць здароў’ю і жыццю дзясяткаў тысяч людзей. Усё гэта частка палітыкі цяперашніх уладаў.

З такой палітыкай не згодныя магілёўскія актывісты АГП. Каб заявіць сваю пазіцыю і падтрымаць кандыдата ў дэпутаты ад апазіцыйнай партыі яны выйшлі на пікеты ў цэнтр горада.


Далоў службу пад прымусам! Вучоба важней!

Пікет за адмену «закона Раўкова» адбыўся 28 кастрычніка. Яго правялі кандыдат у дэпутаты ад АГП Таццяна Сівачэнка, старшыня абласной партыйнай арганізацыі Уладзімір Шанцаў і актывіст Аляксандр Шаўцоў.

Магілёўскія актывісты АГП перакананыя – гэта закон, які замест вучобы заганяе моладзь у войска і стварае сітуацыю, пры якой студэнты, магістранты і аспіранты папросту з'язджаюць з краіны.

– Мы патрабуем, каб закон аб адтэрміноўцы, які не дазволіць многім маладым людзям закончыць ВНУ, магістратуру ці аспірантуру, быў адменены, – паведаміла ў каментары сайту ucpb.org Таццяна Сівачэнка. – Гэты закон, а ў дадатак яшчэ і ўмовы службы ў войску выклікаюць масавую эміграцыю маладых людзей у іншыя краіны. Па статыстыцы ў нас  штогод паступаюць у ВНУ 50 тысяч чалавек. За мяжу з'язджаюць 35 тысяч. А вяртаюцца толькі 15 адсоткаў. І новы закон – адна з прычын. Што да неспрыяльных умоў службы, то гэтая праблема асабліва востра паўстала пасля выпадку ў Пячах, калі радавы Аляксандр Коржыч, не вытрымаўшы здзекаў, скончыў жыццё самагубствам. І гэта не адзінкавы выпадак. Прычым самі камандзіры спрыяюць гвалту, напрыклад, заахвочваючы  «дзядоў» даплатамі за падобныя паслугі. Такога не павінна быць!



За права дыхаць!

Экалагічны пікет пад такім лозунгам адбыўся ў Магілёве 25 кастрычніка.  Актывісты АГП патрабавалі стварыць грамадскі кантроль над шкоднымі прадпрыемствамі і не дапусціць будаўніцтва новых.

Удзел у пікеце ўзялі кандыдат у дэпутаты ад АГП Таццяна Сівачэнка, старшыня абласной арганізацыі Уладзімір Шанцаў, актывісты Максім Жарноўскі і Аляксандр Шаўцоў.

«Экалагічная бяспека – гэта тэма, якая  хвалюе ўсіх жыхароў Магілёва, – адзначыў на сваёй старонцы ў Фэйсбук Уладзімір Шанцаў. –  У свабоднай эканамічнай зоне Магілёва некалькі шкодных прадпрыемстваў. Такім чынам свабодная эканамічная зона фактычна стала свабоднай хімічнай зонай».



– Пытанне экалагічнай бяспекі мы ўзнімаем з лістапада мінулага года, пасля выкіду «сажы» падчас выпрабавальнага запуску завода «Омск Карбон Магілёў» 18 лістапада, – распавядае Таццяна Сівачэнка. – Тады выкід шкодных рэчываў у 40 разоў перавысіў дапушчальны. А ў нашай эканамічнай зоне сканцэнтраваны цэлы шэраг шкодных хімічных прадпрыемстваў. Гэта «Кронаспан», «ВМГ Індастры», «Мебелайн». Вось цяпер да іх вырашылі далучыць яшчэ і «Омск Карбон». Бяда ў тым, што тэхнічны вуглярод – вельмі моцны адсарбент. І калі гэтыя заводы выкідваюць у паветра розныя рэчывы, адсарбент будзе паглынаць іх і ператвараць у яд, а потым распыляць па Магілёве і ваколіцах. У такіх варунках кепскія наступствы для здароў’я людзей непазбежныя. Ужо зараз, паводле неафіцыйнай інфармацыі, павялічыліся алергічныя рэакцыі. Да гэтага можна дадаць і анкалагічныя захворванні. Усё гэта сведчыць аб дрэннай экалагічнай абстаноўцы. А калі мы былі ў Навасёлках, што побач з прадпрыемствам, людзі казалі, што часам у іх проста рэжа вочы.

Таму мы хочам, каб спачатку былі створаны станцыі маніторынгу і толькі пасля гэтага запушчаны завод. Павінен быць грамадскі кантроль у выглядзе незалежнай экспертнай арганізацыі, якія ажыццяўляе назіранне. Пакуль жа атрымліваецца, што сам «Омск Карбон» і будзе сябе кантраляваць. Гэта ненармальна. Таксама мы патрабуем, каб у свабоднай эканамічнай зоне спынілі будаўніцтва шкодных прадпрыемстваў.

 

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.