Logo
 Версия для печати

Актывіста АГП ня сталі штрафаваць за расьпіваньне ліманаду – толькі за «выраб прадукцыі СМІ»

Оцените материал
(10 голосов)

Суд Цэнтральнага раёну Гомля 2 траўня аштрафаваў гомельскага актывіста АГП, журналіста Кастуся Жукоўскага за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ) на 30 базавых велічыняў (735 рублёў).

Працэс пачаўся яшчэ 26 красавіка — тады судзьдзя Сяргей Кармановіч пакараў Кастуся Жукоўскага такім жа штрафам за тое, што ён 30 студзеня вёў трансьляцыю на сваю старонку ў Facebook таго, як да ягонага сябра, актывіста Барыса Анікеева, дамоў прыехала міліцыя. Гэта палічылі несанкцыянаваным пікетам і працай для тэлеканалу «Белсат». На судзе Жукоўскі не пагаджаўся з тым, што ладзіў акцыю і парушаў закон «Аб СМІ». Разгляд другога эпізоду адклалі.

Адкладзены эпізод, за які цяпер аштрафавалі Жукоўскага, тычыцца падзеяў «у пэрыяд з 5 па 7 сакавіка». Паводле міліцыі, Жукоўскі «ажыцьцяўляў інтэрвіюяваньне грамадзянаў» на гомельскай вуліцы Кніжнай. Але, паводле асуджанага, ён сустракаўся зь сябрам Паўлам Главацкім, зь якім «пілі ліманад, размаўлялі» і здымалі адзін аднаго на відэа. Было гэта, сьцьвярджае блогер, не на вуліцы Кніжнай, а ў яго дома або на Рэчыцкім праспэкце.

У адрозьненьне ад папярэдняга паседжаньня, калі міліцыя перадала ў суд дыск з запісам сюжэту, на якім быў толькі гук, гэтым разам на прагляд далі відэасюжэт з тэлеканалу «Белсат» пад назвай «У Гомлі трапіў пад ціск блогер, які засудзіў даішнікаў» пра блогера Главацкага, на якога пасьля выйгранага суду ціск абрушыўся зь яшчэ большай сілай. Апроч штрафу і пазбаўленьня правоў, на працу да начальства Паўла міліцыянты адправілі прафіляктычную паперу з патрабаваньнем прыняць меры.

Відэасюжэт зрабіла журналістка Тацяна Ўласенка, у ім скарыстаны і відэаздымкі з Гомлі. На падставе відэасюжэту Уласенкі суд і аштрафаваў Жукоўскага, «расьпіваньне ліманаду» ня згадвалася ў прысудзе.

Аштрафаваны на паседжаньні не прысутнічаў. Жукоўскі яшчэ ў красавіку, атрымліваючы позву, напісаў, што ня зможа 2 траўня быць на судзе, бо праходзіць мэдыцынскую камісію ў сувязі з прызывам на вайсковыя зборы. Ён мяркуе, што «штрафы не дапамагаюць, дык вырашылі прызваць на зборы, каб хоць на два месяцы адлучыць мяне ад журналісцкай дзейнасьці».

Жукоўскі — адзін з «чэмпіёнаў па штрафах» сярод незалежных журналістаў, толькі з пачатку году яго пакаралі ўжо больш як на 3 тысячы рублёў. Цяперашні штраф ён зьбіраецца абскардзіць у абласным судзе, паведамляе Радыё Свабода.