A+ A A-


Гомель: актывіста АГП аштрафавалі за стрым у Facebook і судзяць за відэа расьпіваньня ліманаду

Оцените материал
(7 голосов)
Кастусь Жукоўскі Кастусь Жукоўскі

Суд Гомельскага цэнтральнага раёну прызнаў вінаватым мясцовага журналіста-фрылянсэра Кастуся Жукоўскага ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП РБ) і незаконны выраб прадукцыі СМІ (22.9 КаАП РБ).


Як паведамляе БелаПАНСудзьдзя Сяргей Кармановіч пакараў штрафам у 30 базавых велічыняў (735 рублёў) Кастуся Жукоўскага за тое, што ён 30 студзеня вёў трансьляцыю на сваю старонку на Facebook таго, як да ягонага сябра, актывіста Барыса Анікеева, дамоў прыехала міліцыя — гэта палічылі за несанкцыянаваны пікет і працу для тэлеканалу «Белсат». На судзе Жукоўскі не пагаджаўся з тым, што ладзіў масавае мерапрыемства і парушаў закон «Аб СМІ».

Яшчэ па адным эпізодзе суд над Жукоўскім працягнецца 2 траўня — пакуль абвешчаны перапынак. Паводле міліцыі, Жукоўскі «зьдзяйсьняў інтэрвіюяваньне грамадзянаў» на гомельскай вуліцы Кніжнай «у пэрыяд з 5 па 7 сакавіка» — гэта значыць, «незаконна вырабляў прадукцыю СМІ». У судзе не было прадстаўлена відэа, толькі аўдыё.

Паводле вэрсіі Жукоўскага, ён зь сябрам «пілі ліманад і размаўлялі», ён здымаў гэта на відэакамэру, і было гэта, кажа ён, ці ў яго дома, ці на Рэчыцкім праспэкце, але ніяк не на вуліцы Кніжнай, як запісана ў пратаколе міліцыянта Ўладзіслава Шукеля. Жукоўскі сьцьвярджае, што рассылаў сваё відэа ў розныя СМІ, але не «вырабляў прадукцыю СМІ».

У Беларусі ня толькі расьпіваньне ліманаду, але і расьпіваньне гарбаты можа фігураваць у справах, за якія штрафуюць людзей. Тыдзень таму васьмёх віцяблянаў прызналі вінаватымі ў несанкцыянаваным расьпіваньні гарбаты дома, адзін быў аштрафаваны. Асуджаныя сьцьвярджаюць, што зьбіраліся ў прыватнай кватэры «пагутарыць пра жыцьцё і космас ды папіць гарбаты», да прыходу «людзей у цывільным» пасьпелі толькі «абмеркаваць перамогу Домрачавай на этапе Кубку сьвету ды дакумэнтальны фільм, у якім Пуцін абяцаў паляцець на Марс». Міліцыя ж западозрыла іх у датычнасьці да філязофіі «Сынтэз Фэ» паводле ананімнага данясеньня.

Жукоўскі — адзін з «чэмпіёнаў па штрафах» сярод незалежных журналістаў, толькі з пачатку году яго наштрафавалі ўжо больш як на тры тысячы рублёў.

Што пра гэта пішуць у законах і кодэксах

Выраб адзіночнага відэа або сэрыі відэа для асабістай старонкі ў сацсетках у законах не прыроўніваецца да вырабу прадукцыі СМІ. Але журналістамі СМІ прызнаюцца (п.7 арт.1) фізычныя асобы, зьвязаныя працоўнымі стасункамі зь юрыдычнай асобай, якая выконвае функцыю рэдакцыі (блогеры такіх дамоваў з сацсеткамі ня маюць). СМІ падлягаюць (п.1 арт.11) абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі, але пра абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю асабістых старонак у сацсетках раней не паведамлялася (ці існуе такая працэдура, невядома). Адказнасьць за распаўсюд прадукцыі СМІ нясуць (ч.1 арт. 17) рэдакцыя СМІ і ўладальнік інфармацыйнага рэсурсу (у выпадку Кабанава і Пятрухіна няма ні рэдакцыі, ні СМІ, а Facebook і іншыя сацсеткі не рэгістраваліся ў якасьці інфармацыйных рэсурсаў).

Беларускія законы не забараняюць наўпрост ні зьбірацца са знаёмымі на прыватнай тэрыторыі для такіх сустрэчаў, як расьпіваньне гарбаты ці ліманаду, ні абмяркоўваць жыцьцё, космас, Дар’ю Домрачаву або Ўладзіміра Пуціна на Марсе. Але ў законе «Аб масавых мерапрыемствах» азначэньне «сходу» такое: «супольная прысутнасьць грамадзянаў у загадзя вызначаным месцы пад адкрытым небам або ў памяшканьні ў вызначаны час, якія сабраліся для калектыўнага абмеркаваньня і вырашэньня пытаньняў, што закранаюць іх інтарэсы». І на «супольную прысутнасьць» трэба падаваць заяву ў мясцовы выканаўчы або распарадчы орган, на тэрыторыі якога плянуецца сустрэча, не пазьней як за 15 дзён да яе.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.