A+ A A-


З Днём народзінаў, Станіслаў Антонавіч!

Оцените материал
(16 голосов)

1 студзеня адзначае свой 81-ы  Дзень народзінаў ганаровы старшыня АГП, экс-кіраўнік Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Сябры і кіраўніцтва партыі ад усяго сэрца віншуюць Станіслава Антонавіча з гэтай урачыстай датай, зычаць моцнага здароўя, бадзёрасці духу і поспехаў ва ўсіх справах.

 

Сябра Палітрады АГП Аляксандр Дабравольскі:

«Мне і маім сябрам па Аб’яднанай грамадзянскай партыі вельмі пашанцавала, што ў нашай камандзе ёсць Станіслаў Багданкевіч. Гэта чалавек, які для мяне з’яўляецца ўзорам прафесіяналізму, чалавечай дабрыні, адказнасці і сумленнасці. Гэта чалавек, які ўнёс у лёс Беларусі вельмі шмат сваёй энергіі, свайго прафесіяналізму. Гэта чалавек, які фактычна стварыў  і стабілізаваў беларускі рубель. Пасля яго сыходу з пасады старшыні Нацыянальнага банку Беларусі ўсё стала значна горш. Таму што ёсць людзі, якія пераследуюць свае інтарэсы, а Багданкевіч заўсёды думаў пра інтарэсы дзяржавы. Як і адчуваў тое, што ён можа зрабіць для дзяржавы, хоча зрабіць для дзяржавы і што павінен зрабіць для дзяржавы. Я хацеў бы, каб такія палітыкі былі ў кіраўніцтве Беларусі. І я думаю, Беларусь вартая такога кіраўніцтва, якое будзе падобнае на Станіслава Багданкевіча.

Добрага яму здароўя і яшчэ шмат гадоў жыцця!»

Экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір:

«Шаноўны Станіслаў Антонавіч, вы для мяне асаблівы чалавек. Па-першае, таму што я сеў у вашае крэсла кіраўніка аддзялення дзяржбанка ў Клецкім раёне. Таму ведаю вас даўно як цудоўнага выключнага чалавека. Ведаю як чалавека, з якім у мяне былі невялікія рознагалоссі па працы ўжо тут у Менску. Але, нягледзячы на гэта, у мяне засталіся толькі выдатныя ўспаміны пра нашу сумесную працу і дзейнасць.

У гэты святочны дзень хацелася б пажадаць, каб мы яшчэ доўга сустракаліся, ніколі не забывалі адзін аднаго. А я са свайго боку буду старацца гэта рабіць. Каб вы ніколі не хварэлі, каб вас радавала жонка – і я ў гэтым не сумняваюся, каб не падводзілі ўнукі. Шчасця, здароўя, дабрабыту вам, вашым родным і блізкім!»

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

«У кожнай арганізацыі ёсць людзі, якіх можна назваць залатым запасам. Станіслаў Антонавіч Багданкевіч – гэта залаты запас не толькі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а ўсёй Беларусі. Людзей з такім досведам, з такім прафесіяналізмам, з такімі адносінамі да сяброў, да сваіх родных,  да жыцця не так багата. Гэта чалавек дзяржаўнага ўзроўню. Чалавек, у якога адна з наймацнейшых крэдытных гісторый. І для нас вялікае шчасце, што ён з намі, што мы можам называць яго нашым калегам, нашым аднапартыйцам. І ў гэты дзень можна пажадаць толькі аднаго – дай Бог яму яшчэ здароўя і моцы. Каб ён нас радаваў і сваім прафесіяналізмам, і сваім асабістым прыкладам».

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.