Партнёрскія арганізацыі і палітычныя партыі зычаць АГП плёну ў барацьбе за дэмакратычную і незалежную Беларусь.
Дзясяткі прывітанняў з'езду Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыйшлі да нас з такіх краін, як Германія, Нідэрланды, Расія, Літва, Польшча, Украіна, Швецыя, Венгрыя і нават з далёкай Аргенціны.
Гэта лісты ад Еўрапейскай народнай партыі, ХДС, Партыі перамен, Грамадзянскай платформы, партыі «Блок Пятра Парашенка «Салідарнасць», партыі «Саюз Айчына - Хрысціянскія дэмакраты Літвы», Саюза лацінаамерыканскіх партый, Фонду Роберта Шумана ды іншых.
Дзякуем усім за падтрымку і цытуем радкі некаторых з лістоў.
Міжнародны дэмакратычны саюз (IDU):
«Міжнародны дэмакратычны саюз ганарыцца мець у асацыяваных партнёрах АГП. Пасля падзення жалезнай заслоны за апошнія 35 гадоў IDU мела поспех у садзейнічанні пабудове свабоднай і дэмакратычнай Еўропы, але не ва ўсіх частках кантынента.
Аднак, як сказала Маргарэт Тэтчар, адна з заснавальніц IDU, «яны не будуць паспяховымі, яны павінны разумець, што дух свабоды перажыве горшую тыранію».
Дзякуем Анатолю Лябедзьке за ягоны энтузіязм, энергію, адданасць справе многія гады ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю нават у небяспечных і пагрозлівых для жыцця абставінах».
Прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Жозэф Доль:
«Мы адкрыта асуджаем палітычна матываваныя атакі на беларускую апазіцыю. Мы актыўна падтрымліваем вашу барацьбу за сумленныя і свабодныя выбары, гарантыі роўных магчымасцяў для апазіцыі. Мы верым, што беларусы – частка еўрапейскай сям'і і заслугоўваюць жыць ў квітнеючым, свабодным і дэмакратычным грамадстве.
Змагайцеся за незалежную еўрапейскую Беларусь».
Старшыня Грамадзянскай платформы Гжэгаш Схетына:
«Грамадзянская платформа Рэспублікі Польшча салідарная з вамі ў вашай мірнай барацьбе за свабоду, дэмакратыю і незалежную еўрапейскую Беларусь.
Мы ведаем, што вы перажываеце зараз цяжкія часіны, змагаецеся за свабодныя выбары, месца Беларусі ў аб’яднанай Еўропе, павагу правоў чалавека і грамадзяніна ў вашай краіне, а таксама спыненне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі.
Ад імя грамадзянскай платформы мы хочам задэклараваць вам нашую падтрымку і еўрапейскую салідарнасць у вашай барацьбе за нармальную еўрапейскую, дэмакратычную і незалежную Беларусь.
За нашу і вашу свабоду!
Жыве Беларусь!»
Старшыня Палітрады партыі «Грамадзянская ініцыятыва» Андрэй Нячаеў:
«Ад імя Усерасійскай палітычнай партыі «Грамадзянская ініцыятыва» (Партыі пераменаў) выказваем нашу падтрымку вашай дзейнасці і вашым намаганням, накіраваным на дэмакратызацыю і лібералізацыю палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Нас усіх аб'ядноўвае шчырае жаданне зрабіць нашы краіны лепшыми: сучаснымі, паспяховымі, камфортнымі для жыцця грамадзян.
Мы не па чутках ведаем, што такое быць дэмакратычнай апазіцыяй. Гэта не проста складана, але часцяком – гэта сапраўды рызыкоўна для кожнага з нас асабіста.
Мы ўпэўненыя, што сур'ёзная і адказная праца на карысць грамадзян, якую доўгія гады праводзіць Аб'яднаная грамадзянская партыя, не можа не даць плёну ўжо ў бліжэйшы час»
Партыя «Блок Пятра Парашэнкі «Салідарнасць»:
«Партыі АГП і БПП «Салідарнасць» падзяляюць агульныя каштоўнасці: свабода, правы чалавека, вяршэнства права, сацыяльная рынкавая эканоміка. Мы аднолькава імкнемся, каб нашы краіны занялі пачэснае месца сярод краін Еўропы. Улічваючы складаныя гістарычныя абставіны, сучасныя глабальныя і рэгіянальныя выклікі, задачы паўстаюць вельмі складаныя як для Беларусі, так і для Украіны.
Аднак абапіраючыся на падтрымку нашых народаў, на моцнае супрацоўніцтва з еўрапейскімі партнёрамі, мы ўпэўненыя, што гэтыя задачы будуць рэалізаваныя.
Мы цэнім сяброўскія адносіны паміж нашымі партыямі і спадзяемся на паглыбленне супрацоўніцтва ў будучыні».