Logo
 Версия для печати

Апазыцыя: Наступная акцыя пратэсту – 20 сьнежня

Оцените материал
(12 голосов)

11 сьнежня прадстаўнікі апазыцыйных партый і рухаў, а таксама грамадзкія дзеячы абмеркавалі фармат наступнай акцыі пратэсту і доўгатэрміновую стратэгію на 2020 год.


Акцыю пратэсту заплянавалі на 20 сьнежня. Заяўкі на яе правядзеньне падаваць ня будуць. Таксама былі прынятыя рашэньні:

1. Сабрацца яшчэ ў вузкім фармаце прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацый 14 сьнежня і 18 сьнежня.

2. Раз на месяц публікаваць 30 фактаў таго, чаму Беларусь лепшая за Расею, пачаць такім чынам кампанію «Беларусь лепшая».

3. Дазволіць людзям прыходзіць з чырвона-зялёнымі сьцягамі і не перашкаджаць прысутнасьці дзяржаўнай сымболікі.

4. Правесьці Кангрэс у абарону незалежнасьці ў 2020 годзе.

5. Дамагчыся прыёму ў прэмʼер-міністра Сяргея Румаса і іншых VIP-чыноўнікаў.

6. Правесьці акцыі за незалежнасьць у рэгіёнах і далучыцца да іх.

7. Запрасіць на акцыі за незалежнасьць БРСМ, «Белую Русь» ды іншыя прадзяржаўныя структуры.


Некаторыя прапановы выклікалі вострае абмеркаваньне і так і не былі ў выніку прынятыя. Гэта найперш пытаньне аб згадках прозьвішча кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, а таксама выкарыстаньня плякатаў з абразьлівым для расейцаў зьместам.

«Трэба вызначыцца, як мы ўспрымаем Лукашэнку, — сказаў старшыня АГП Мікалай Казлоў. — Як гаранта незалежнасьці альбо як пагрозу ёй». Рашэньня ў гэтым пытаньні так і не было прынята. Каб залагодзіць магчымы нэгатыўны эфэкт ад ня самых прыемных для расейцаў плякатаў і лёзунгаў, прагучала прапанова зьвярнуцца да расейскіх грамадзкіх арганізацый з прапановай падтрымаць беларускія антыінтэграцыйныя акцыі.

Што датычыць акцыі 20 сьнежня, то яе фармат канчаткова вызначаць у суботу 14 сьнежня. Удзельнікі сустрэчы адмовіліся пераносіць яе з Кастрычніцкай плошчы ў іншае месца. Вырашылі распрацаваць плян Б на выпадак разгону ўдзельнікаў і затрыманьня апазыцыйных лідэраў, а таксама падумаць над іншымі фарматамі.

Акрамя акцыі 20 сьнежня было вырашана абмеркаваць наступныя акцыі пратэсту, іхны фармат ды месца правядзеньня. Плянуецца, што яны могуць пачацца ўжо на наступны дзень, у суботу 21 сьнежня, паведамляе Радыё Свабода.