A+ A A-


Дабравольскі: «Ёсць адчуванне, што гэта апошнія перамовы»

Оцените материал
(7 голосов)

У сераду, 11 лютага, у Мінску Пётр Парашэнка, Уладзімір Пуцін, Ангела Меркель і Франсуа Аланд плануюць правесці сустрэчу ў нармандскім фармаце. «Яны чакаюць, што іх намаганні падчас сустрэчы ў Мінску прывядуць да неадкладнага і безумоўнага двухбаковага спынення агню», – паведаміла прэс-служба прэзідэнта Украіны.


Беларускія палітыкі менш аптымістычныя ў сваіх прагнозах.

«Для таго, каб зразумець, чым могуць закончыцца перамовы, трэба вельмі добра разумець, у чым сэнс гэтага канфлікту, – кажа сябра Палітрады АГП Аляксандр Дабравольскі. – Тут шмат складальнікаў. І галоўны – гэта тое, што Расійская імперыя пад пагрозай свайго знікнення хоча захаваць кантроль над былой тэрыторыяй. Расійскае кіраўніцтва, магчыма, адкрыта і не прызнае гэта, але адчувае пагрозу распаду сваёй краіны, і мэта, якую ставіць Расія – мець свой уплыў на сусветныя справы. Яна не згодная з тым, што хтосьці можа вырашаць штось істотнае без яе. У гэтым сэнс Расійска-украінскага канфлікту. Украіна вырашыла развівацца ў заходнім накірунку. І тут галоўнае, што можа адбывацца – не толькі размежаванне на Данбасе, але істотна і тое, ці будзе кансалідаванай пазіцыя Украіны і заходніх краін. Ці будзе відавочнай пагроза для Расіі ў выпадку, калі яна не пойдзе на гэтыя перамовы, ці здолее ўрэшце асэнсаваць, што, калі дзейнічае такім чынам, толькі паскарае свой распад. Тут пытанняў шмат.

Месца – Мінск – магчыма, камусьці здаецца і падыходзячым, але для Беларусі гэта значыць, што ўсе, верагодна, забудуцца пра нашы беларускія праблемы, пра тое, што тут дыктатура, што тут з людзьмі  абыходзяцца, як з істотамі, у якіх няма пачуцця ўласнай годнасці. Кожны дзень прыносіць такія звесткі, якія датычаць звычайных грамадзян, прадпрымальнікаў, перавозчыкаў, якія зараз пастаўлены ў разрад другасортных людзей. Мяне гэта непакоіць. Як і тое, што пазіцыя, якую раней займалі цывілізаваныя краіны, размывацца. Зараз чалавек, які раней называўся апошнім дыктатарам Еўропы, прызнаецца суб’ектам, які ўплывае на гэтыя перамовы. З прагматычнага пункту гледжання гэта можа быць для кагосьці і прымальным, але для нас гэта пагроза.

Чым завершацца перамовы, сказаць цяжка. Ёсць адчуванне, што гэта апошнія перамовы. Калі яны не прывядуць да нейкага супакою на Данбасе, паміж Украінай і Расіяй, то і надалей будзе вайна.

Гэта ўсё вельмі цяжка зразумець, але я хацеў бы тым людзям, якія вядуцца на расійскую прапаганду, сказаць, што, калі яны лічаць, што вайна паміж Расіяй і Украінай гэта нармальна, хай задумаюцца ці нармальна гэта на самой справе. Калі яны лічаць, што хтосьці акрамя Расіі гэту вайну развязаў, хай задумаюцца пра тое, у чым інтарэс, напрыклад, украінскай улады мець вайну на сваёй зямлі. Калі яны лічаць, што гэтыя танкі, гарматы і «Грады» куплены ў Ваенторгу, хай проста падумаюць пра лад са сваім сумленнем. Мне здаецца, што самае страшэннае, што можа быць – гэта вось такая вайна. Абсалютна амаральная, абсалютна страшная. І вельмі хацелася б, каб яна спынілася. Але я баюся, што ёсць вялікія праблемы, якія не атрымаецца пераадолець на гэтых перамовах».

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.