A+ A A-


Дабравольскі: Прарыву на «выбарах» чакаць не варта

Оцените материал
(7 голосов)

Кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў працягвае заставацца малацікавай і незаўважнай для грамадзян.


Да такой высновы прыйшлі назіральнікі кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” ў аналітычнай справаздачы паводле вынікаў назірання.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Аляксандр Дабравольскі распавёў Радыё Рацыя пра тое, чаму сёння парламенцкія выбары і парламент пераўтварыліся ў “фармальнасць”:

– Мяркую, што большасці беларусаў і парламенцкія выбары, і парламент, якія пераўтварыліся ў фармальнасць, як кажуць, абсалютна да лямпачкі. Я размаўляў з многімі тымі, хто вылучаў свае кандыдатуры на гэтыя выбары, збіраў подпісы, і яны распавялі са свайго досведу, што народ праз выбары пераменаў жыцця да лепшага не чакае. Можна нават галасаваць за дэмакратычнага кандыдата, але такія кандыдатуры не праходзяць. Людзей цікавіць іншае: навошта апазіцыя ўвогуле прымае ўдзел у выбарах, калі ўсё роўна гэта бессэнсоўна?

– На ваш погляд, ці ведаюць выбаршчыкі сваіх дэпутатаў, якіх абіралі, скажам, чатыры гады таму?

– На мой погляд, ізноў-такі большасць не толькі не ведае прозвішча свайго дэпутата, але і не скажа, што ён зрабіў талковага за чатыры гады ў парламенце. Таму што беларускія дэпутаты – абсалютна пасіўныя, яны нават баяцца задаць вострае пытанне ўраду ці кіраўніку краіны. Нардэпы – гэта людзі, якія не валодаюць ніякай палітычнай воляй і не хочуць нешта змяняць. Праца ў іх не вельмі складаная – штампаваць законапраекты.

– Раней па тэлебачанні ішлі трансляцыя пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, але зараз гэтага няма. Можа, варта было б папулярызаваць дэпутатаў?

– Можа і было б варта паглядзець, што і як яны робяць у парламенце, але не ведаю, ці цікавыя яны наогул журналістам і людзям.

– У 1989 годзе вы былі абраным народным дэпутатам СССР па тэрытарыяльнай акрузе ў Менску. Ці былі тыя выбары больш дэмакратычнымі, чым зараз?

– Тады лічылі галасы, і менавіта ў 1989 годзе выбары былі больш-менш дэмакратычныя, бо да гэтага часу ў Саюзе падчас выбараў у акрузе быў усяго адзін кандыдат, які прызначаўся партыйнымі органамі. У 89-м мы маглі нават накіраваць назіральніка, і ён бачыў падлік галасоў. Зараз жа такога проста няма.

– Якія асабіста ў вас чаканні ад гэтых выбараў?

– Прарыву чакаць не варта. Былі надзеі, што нешта зменіцца падчас фарміравання ўчастковых камісій, але, як пабачылі, тут старая сістэма захавалася. У камісіі ўключалі па прынцыпе “каго мы самі захочам”. У выніку ў камісіях засталіся тыя, хто прызвычаіўся даваць такі вынік, які патрабуе ўлада. Нават, калі ў парламент дзеля “карцінкі” і пройдуць некалькі чалавек з так званага дэмакратычнага асяродку, то гэта таксама не будзе перамогай. Адна справа, калі чалавек перамог, і іншая, калі яго прызначылі. А ўлада нечаканасцей не любіць.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.