A+ A A-


Хашчавацкі: Лукашэнка хоча пераканаць самога сябе, што яго ўсе любяць

Оцените материал
(6 голосов)
Юрый Хашчавацкі Юрый Хашчавацкі

Дыктатар стварае вакол сябе выдуманы свет, які не мае дачынення да рэальнасці.


Знакаміты беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» распавёў, навошта трэба Лукашэнку «Усебеларускі сход», ці знойдзецца той хлопчык, які скажа, што «кароль голы» і чаму цяперашняе беларускае жыццё падобнае на фільм «Матрыца».


-  Навошта Лукашэнку праводзіць гэтыя сходы? Здаецца, у яго ёсць усё - 80-90 афіцыйных адсоткаў на выбарах, падпарадкаваная вертыкаль?

- Я думаю, тут справа ў псіхіцы. Пры ўсіх адсотках, якія яму малююць (а ён ведае, што яны намаляваныя) яму хочацца самога сябе пераканаць, што ён «народны» прэзідэнт, што яго ўсе любяць і падтрымліваюць. І ён спрабуе сябе пераканаць, што ён мае рацыю.

І гэта ў яго даволі часта прасочваецца. Памятаеце, як пасля смерці Генадзя Карпенкі ён з трыбуны распавядаў, што Людміла Карпенка да яго прыходзіла і прасіла чаравікі, бо, маўляў, мужа няма ў чым пахаваць. Але ж гэтага не было! Але яму здавалася, што так павінна быць, ён сам сабе стварае легенды. Гэта імкненне пераканаць самога сябе.

Бо ў глыбіні душы ён ведае, што на самой справе адбываецца. Ён адчувае, што ідзе развал, што не той шлях абраны, што арыентацыя на Расею з 94-га года (зразумела, тады ён гэта рабіў, таму што марыў аб троне ў Крамлі, пра карону Манамаха) - гэта трагічная памылка, у тым ліку для яго. Усё павалілася, і ён цяпер на ланцугу, у нашыйніку, які яму надзеў Пуцін. І вось Лукашэнка спрабуе сябе пераканаць, што ўсе яго любяць, усё яму пляскаюць.

- Магчыма, гэта зразумелае чалавечае жаданне выступіць перад вялікай масай людзей, якія табе не пярэчаць, і нічога не скажуць супраць. Гэта ж заўсёды так прыемна, так хочацца.

- Так, Лукашэнка стварае вакол сябе выдуманы свет, які не мае дачынення да рэальнасці. Той, якую ён хацеў бы бачыць. Гэта падобна на казку Андэрсана «Новая сукенка караля». Кароль ідзе голы, а ўсе робяць выгляд, што ён ідзе ў выдатным адзенні. Гэта тыя ж самыя прынцыпы, на якіх пабудавана беларускае жыццё, эканоміка - мы сышлі на пусты канец, а гучаць пераможныя рэляцыі.

- А што вы скажаце пра «масоўку»? На вашу думку, колькі з іх сядзяць «з дуляй у кішэні» - маўляў, кажы, кажы, - а колькі адчуваюць гонар ад таго, што запрошаны на такое «важнае» мерапрыемства?

- Я думаю, большасць з іх належыць да другога тыпу. Бо вельмі прыемна адчуваць сваю датычнасць і выбранасць. Лукашэнка памнажае вакол сябе такіх, як ён сам, ён дастае з людзей тыя самыя ўласцівасці і жаданні, якія ёсць у яго. І гэтыя людзі таксама хочуць быць «абранымі», «далучанымі».

Што іх гоніць туды? Страх ўсвядоміць рэальнасць. Яны нават баяцца сказаць сабе праўду. Па-другое, адчуванне будучых выгод. Калі ты паліжаш там, дзе лідару прыемна - то можа і табе нешта перападзе. І ты станеш маленькім Лукашэнка ў сваім раёне. Вось такое ён выцягвае з людзей, і гэта хвароба распаўсюджваецца на ўсю вертыкаль.

- Чыста візуальна на што быў падобна гэта «сход»? Адны кажуць аб з'ездах КПСС, іншыя кажуць пра КНДР. Калі б вы там апынуліся раптам, то які б фільм вам хацелася б зняць?

- Гэта ў нейкім сэнсе «Матрыца»: увесь народ патрапіў у яе і не можа выбрацца. Цэлы дзень людзям кажуць, як мы добра жывем, і як дрэнна жывецца на Захадзе, і яны не могуць прарвацца за межы гэтай матрыцы. Таксама гэта нагадвае фільм «Хвост круціць сабакам», дзе па тэлевізары «ствараюць» вайну, каб атрымаць уладу.

Але перш за ўсё гэта казка «Новая сукенка караля». І я хацеў бы сярод іх знайсці таго маленькага хлопчыка, які скажа, што кароль голы. Гэта сон розуму, які нараджае пачвараў.

- Вы аўтар знакамітай стужкі «Звычайны прэзідэнт», якую знялі ў 1996 годзе. Хацелі б вы сёння нешта новае зняць пра галоўнага героя фільма? Ці там ужо было ўсё сказана?

- Я даволі часта думаю пра гэта. Разумееце, Лукашэнка спыніў наша жыццё. Беларусь знаходзіцца ў здранцвенні. І з 2006 года нічога не адбываецца, што магло б зрушыць сітуацыю. Цяпер мяч на баку грамадства. Таму і фільм цяпер трэба рабіць не пра Лукашэнку, які спыніўся, затрымаўся ў матрыцы, якую стварыў для сябе.

Цікава, як грамадства спрабуе выбрацца з усяго гэтага. Нейкія дробныя прарывы ёсць. Людзі спрабуюць варушыцца. Таму цікава было б узяць утоеную камеру, паслухаць, што кажуць у чэргах і транспарце.

Ну і потым - будзе ж момант, калі ўсё скончыцца, калі ён страціць уладу. Вось пасля гэтага я хацеў бы з Лукашэнкам пагаварыць. Цікава, як ён усё гэта будзе ацэньваць. Бо ён жа хоча паставіць сабе залаты помнік: бібліятэку паставіў, лядовыя палацы, рэзідэнцыі... Яму, магчыма, здаецца, што ён такі Давід-будаўнік, які быў у Грузіі. А на самай справе - не! І мне цікава, ці ўсведамляе ён гэта. Ці разумее ён, што трапіў у пастку, са сваёй арыентацый на Расею. Разумее, што ён такім чынам пазбавіў сябе і краіну многіх магчымасцяў. Таму мне было б цікава пагаварыць з ім пасля яго звяржэння.

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.