ОГП



Лябедзька, Някляеў і Статкевіч патрабуюць ад Генпракурора тлумачэнняў

Оцените материал
(21 голосов)

Лідэры беларускай апазіцыі накіравалі Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь заяву па факце незаконнага праслухоўвання.


У сувязі з выяўленым у кавярні «Салодкі фальварак» абсталяваннем для праслухоўвання, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў звярнуліся да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

Яны патрабуюць адказаць: «ці давала Генеральная пракуратура санкцыю на праслухоўванне нашых тэлефонаў, нашых прыватных размоў Камітэту дзяржбяспекі, Следчаму камітэту ці іншым беларускім ведамствам або спецслужбам? Калі санкцыя давалася, дык на якіх падставах, у адпаведнасці з якімі прававымі нормамі? Калі ж Генеральная пракуратура санкцыю не давала, патрабуем неадкладна распачаць крымінальную справу па факце незаконнага праслухоўвання нашых тэлефонаў, арганізацыі праслухоўвання нашых размоў, умяшальніцтва беларускіх спецслужбаў (і саўдзелу ў гэтым персаналу кавярні «Салодкі фальварак») у наша прыватнае жыццё».


Мяркуючы па ўсім, праслухоўванне размоў у гэтай кавярні было справай звыклай. Пра гэта ў каментары сайту ucpb.org паведаміў былы палітвязень Мікола Статкевіч.

«Я скарыстоўваў гэтую кавярню, як месца для сустрэч з журналістамі падчас «выбараў» і ўжо заўважыў, што як сядзеш за столік, там мяняюць сурвэтніцу, – распавядае Мікола Статкевіч. – Аглядаў яе, але разбіраць на вачах журналістаў не наважыўся. Анатоль малайчына, што гэта зрабіў. Не ведаю, што яны хацелі пачуць альбо паказаць, маўляў, за ўсім сочым, працуем, нейкую фразу выцягнуць ці напалохаць тамтэйшага гаспадара...
Што да мяне, то да такіх захадаў стаўлюся з іроніяй. Тым больш, што апошнія пяць гадоў кожныя пяць хвілін за мной назіралі праз вочка у дзвярах турэмнай камеры. Я выдатна разумею, у якой краіне жыву».