A+ A A-


Святу Волі – быць!

Оцените материал
(25 голосов)

Арганізатары святкавання 100-годдзя БНР пагадзіліся на правядзенне 25 сакавіка мітынгу і канцэрта каля Опернага тэатра.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька пракаментаваў сайту ucpb.org гэтае рашэнне.

«Трэба шчыра прызнаць, што ў аргкамітэце ўсё ж такі дамінавалі два падыходы: 25-га – гэта свята Волі, другі – акцыя пратэсту, – паведаміў лідэр АГП. –  Аб’яднаная грамадзянская партыя з самага пачатку выказвалася за тое, што нам патрэбнае свята, бо гэтая падзея, на жаль, не адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Але калі ў краіне ёсць людзі, для якіх Беларусь, дзяржаўнасць, суверэнітэт – гэта іх каштоўнасць, то яны мусяць зрабіць усё і нават пайсці на пэўныя кампрамісы, каб свята было. 

Улады адмовілі заяўнікам на правядзенне мерапрыемства ў фармаце шэсця і святочнага канцэрта. І тут мы апынуліся перад дылемай: будзе свята ці будзе паўтарэнне брутальных падзей, якія былі год назад. Пасля сённяшняй сустрэчы з прадстаўнікамі гарадскіх уладаў мы пагадзіліся на тое, каб пяць юрыдычных арганізацый падпісалі новую заяўку і ўзялі на сябе адказнасць зрабіць усё, каб было свята Волі.  Гэта азначае, што будзе задаволены толькі шэраг мерапрыемстваў на пляцоўцы каля Опернага тэатра.  

Улада ідзе на тое, каб пакетам прыняць пагадненне, якое ўключае ў сябе яшчэ адкрыццё шыльды на Валадарскага, 9 і памятнага каменя ў парку Янкі Купалы. Я думаю, калі пасля 25 сакавіка застануцца шыльда і камень, якія будуць увекавечваць Беларускую Народную Рэспубліку, то дзеля гэтага ўжо можна было ісці на кампраміс.

Разам з тым мы падалі яшчэ адну паперу, дзе дадаткова абгрунтоўваем, чаму было б важна, каб усё ж такі была створаная магчымасць для невялікага шэсця. Тады б гэта зняло ўсе пытанні, акалічнасці і не давала б падставы для нейкіх сутыкненняў і ўжывання фізічнай сілы.

Будзем спадзявацца, што праз пяць дзён з боку ўладаў з’явіцца ўжо юрыдычнае ўхваленне фармату свята Волі. І тады ўжо можна будзе працаваць і з музыкамі, і з грамадзянамі. Адкрыта гаварыць людзям, каб прыходзілі нават з дзецьмі і не баяліся, бо гэта будзе сапраўднае свята».

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.