На паседжанні Экспертнага Клубу, якое адбылося 28 ліпеня з нагоды гадавіны падпісання Дэкларацыі незалежнасці Беларусі, адбылася цікавая і плённая дыскусія пра тое, што рабіць у тых складаных умовах, у якіх апынулася краіна пасля 24 год з моманту атрымання незалежнасці.
Першы амбасадар Беларусі ў ФРГ Пятро Садоўскі:
Суседзяў не выбіраюць. Нажаль, тое, што робіцца ў нашых суседзяў – гэта трэнд не найлепшы. Глабалізацыя – яна глабалізацыя, але я б быў не супраць, каб мяне глабалізавалі якія-небудзь іншыя суседзі, там, дзе ў доме трошкі больш парадку.
Калі мы цяпер гаворым пра тое, што з намі будзе, у нас, як кажуць, два пішам, чатыре запамінаем: мы думаем пра Украіну, мы думаем пра Расію, мы думаем пра тых, на каго дагэтуль спадзяваліся – на Еўразвяз, на Злучаныя Штаты. На сённяшні дзень, канешне, разгубленасць ёсць, але я думаю, што, калі тыя людзі, якія валодаюць трошкі гісторыяй, эканомікай, якія разумеюць структуру нашага грамадства, мне здаецца, што ўсё ж-такі мы павінны быць аптымістамі.
Таму што ёсць пэўныя групы насельніцтва – і ў наменклатуры, і ў бізнесе, і сярод творчай інтэлігенцыі, якія разумеюць, што розум і станоўчыя тэндэнцыі павінны перамагаць. Але гэта не будзе хутка.
Сёння мы гаварылі, што трэба зрабіць нейкі кангрэс, нейкі збор – трубіць усіх з паходней выходзіць, разам зноў вырашаць, як тое некалі было напрыканцы 80-х – пачатку 90-х.
Відавочна, мы павінны падсумаваць сістэму тых юрыдычных правіл, міжнародных дамоў, у якіх мы жывем; паглядзець эканоміку, што каму належыць, хто скупіў зямлю, хто скупіў нерухомасць, нашы прамысловыя гіганты. Ці яны канкурэнтназдольныя, каму яны належаць? Карацей, правесьці ў сваіх шуфлядах… усё дагледзіць. І падлічыўшы, сказаць: хлопцы, далей так нельга.
Так што я думаю, што у нас хопіць розуму. Галоўнае, тут трэба пакінуць свае ўласныя амбіціі недзе збоку. Мы зараз у офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, але прагучала, што павінна, незалежна ад партыйнай прыналежнасці , усё грамадства збірацца – інтэлігенцыя, вучоныя, рабочыя, працаўнікі сельскай гаспадаркі. І разам вырашаць усё.